Метадычныя рэкамендацыі
па арганізацыі дзейнасці музеяў устаноў адукацыі і выкарыстанні
іх патэнцыялу ў арганізацыі адукацыйнага і выхаваўчага працэсаў
у 2023/2024 навучальным годзе
Канцэпцыя бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі вызначае прыярытэты выхавання ва ўстановах адукацыі: паслядоўнае і актыўнае садзейнічанне асобаснаму станаўленню грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны, прафесіянала-працаўніка, адказнага сем’яніна. Аднымі з асноўных складаючых выхавання з’яўляюцца грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне.
Важная роля ў арганізацыі работы па грамадзянскаму і патрыятычнаму выхаванню адводзіцца музеям устаноў адукацыі.
Музей установы адукацыі ‒ структурнае падраздзяленне ўстановы адукацыі, якое ствараецца з мэтай выяўлення і захавання на пастаяннай аснове музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў, іх вывучэння, уліку, экспанавання і папулярызацыі для ажыццяўлення адукацыйных задач установы адукацыі.
Дзейнасць музея ўстановы адукацыі рэгулюецца:
Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі;
Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры;
іншымі нарматыўнымі прававымі актамі Рэспублікі Беларусь, метадычнымі дакументамі, якія рэгламентуюць дзейнасць музеяў;
лакальнымі актамі ўстановы адукацыі.
Асаблівасці функцыянавання музея ва ўстанове адукацыі вызначаны метадычнымі рэкамендацыямі «Арганізацыя дзейнасці музеяў устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь», зацверджанымі Міністрам адукацыі А.І.Іванцом у верасні 2022 года (размешчаны на сайце ўстановы адукацыі «Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства» (далей – рэспубліканскі цэнтр) у раздзеле «Краязнаўства»/«Музеі ўстаноў адукацыі»).
Педагагічны работнік, адказны за работу музея (далей – кіраўнік музея) павінен мець і весці наступную дакументацыю:
план работы музея ўстановы адукацыі на бягучы год (пры складанні плана работы рэкамендуецца карыстацца праграмай бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі на 2021-2025 гг., праграмай патрыятычнага выхавання насельніцтва на 2022-2025 гг., канцэпцыяй развіцця музея ўстановы адукацыі і інш., а таксама ўлічваць асноўныя накірункі музейнай дзейнасці: экспазіцыйная, фондавая, экскурсійная, культурна-асветніцкая, пошукава-даследчая, метадычная работа);
пашпарт музея ўстановы адукацыі;
галоўную інвентарную кнігу (кніга паступленняў музейных прадметаў асноўнага фонду);
кнігу ўліку фонду навукова-дапаможных матэрыялаў;
кнігу ўліку фонду сыравінных матэрыялаў (пры наяўнасці);
кнігу ўліку наведвальнікаў музея;
кнігу ўліку адпаведных актаў (згодна з вышэйадзначанымі метадычнымі рэкамендацыямі).
Таксама для арганізацыі сістэмнай работы па камплектаванні музейных фондаў мэтазгодна штогод складаць план камплектавання.
У 2023/2024 навучальным годзе асноўнымі накірункамі дзейнасці музея ўстановы адукацыі працягваюць заставацца:
камплектаванне і ўлік музейных фондаў у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі, якія акрэслены ў метадычных рэкамендацыях;
арганізацыя пошукава-даследчай дзейнасці з мэтай усебаковага вывучэння гісторыі, культуры і прыроды свайго рэгіёна (краіны);
арганізацыя культурна-асветніцкай і грамадска-карыснай дзейнасці сярод удзельнікаў адукацыйнага працэсу.
Асаблівую ўвагу належыць надаць эфектыўнаму выкарыстанню рэсурсаў музея ў адукацыйным і выхаваўчым працэсах устаноў адукацыі.
Музей валодае багатым краязнаўчым матэрыялам, які будзе карысны пры правядзенні ўрокаў па розных прадметах. Кіраўніку музея сумесна з настаўнікамі пажадана вызначыць раздзелы (тэмы) вучэбных праграм пры вывучэнні якіх, можна выкарыстоўваць фонды адпаведных экспазіцый музея.
Сучасны музей – гэта цэнтр выхаваўчай работы з навучэнцамі. Музей валодае магчымасцямі для правядзення практыкаарыентаваных заняткаў у аб’яднаннях па інтарэсам, мерапраемстваў патрыятычнай, прафарыентацыйнай накіраванасці.
Актывізацыі дзейнасці музеяў устаноў адукацыі спрыяе ўдзел навучэнцаў у раённых, абласных, рэспубліканскіх праектах, акцыях, конкурсах, форумах, выставах і іншых мерапрыемствах. Актуальная інфармацыя аб правядзенні тэматычных праектаў размяшчаецца на платформе «Патрыёт.by» у модулі «Афіша падзей».
Важнае значэнне ў рабоце музея надаецца пошукава-даследчай дзейнасці. Мэтазгодна стварэнне пры кожным музеі пошукавай групы, накірункі дзейнасці якой вызначаюцца ў адпаведнасці з профілем музея. Музей з’яўляецца своеасаблівай даследчай пляцоўкай. Кожны музейны прадмет ці навукова-дапаможны матэрыял можа стаць прадметам для даследавання і тэмай навуковага, даследчага праекта.
Музеі, экспазіцыі якіх прысвечаны тэме ваеннай гісторыі, асабліва музеі ваенна-гістарычнай накіраванасці, значную ўвагу павінны надаваць рабоце па вывучэнні асобных старонак гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі сваёй малой радзімы, у тым ліку генацыду мясцовага насельніцтва, ўвекавечанні гераічных подзвігаў беларускага народа ў гады вайны. Рэкамендуецца працягваць дзейнасць па збору матэрыялу пра лёс сваіх сваякоў, землякоў, работу з архіўнымі дакументамі і электроннымі базамі дадзеных, абнаўленні тэматычных банкаў дадзеных, папаўненні Кніг памяці і інш. Інфармацыя аб пошукавых інтэрнэт-рэсурсах і электронных базах дадзеных змешчана на платформе «Патрыёт.by» у модулі «Лекцыйны зал» (patriot.rcek.by).
2024-2025 гг. адзнаменаваны святкаваннем 80-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Рэкамендуецца, з улікам рэсурсаў музея, распрацаваць планы падрыхтоўкі і правядзення тэматычных мерапрыемстваў на дадзены перыяд і ўключыць музеі ў іх рэалізацыю.
Акцэнтуем асаблівую ўвагу на арганізацыі сістэмнай экскурсійнай дзейнасці ў музеях устаноў адукацыі. Неабходна забяспечыць узаеманаведванне музеяў навучэнцамі ўстаноў адукацыі (у першую чаргу аднаго раёна/горада), што адлюстроўваецца ў адпаведным раздзеле плана работы музея. Таксама варта ўключаць музеі ўстаноў адукацыі ў рэгіянальныя турысцка-экскурсійныя маршруты (поўная інфармацыя аб музеях змешчана ў даведніку «Музеі ўстаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь» (https://rcek.by/).
Для развіцця пазнавальнага інтарэсу і прыцягнення наведвальнікаў у музей рэкамендуецца распрацоўваць адукацыйныя музейныя праграмы, актыўна прымяняць інтэрактыўныя формы работы (віртуальныя экскурсіі, квэст-экскурсіі, тэатралізаваныя экскурсіі і інш.). Актуальным у сённяшні час з’яўляецца правядзенне музейных святаў і акцый («Музейнае сэлфі», «Першы наведвальнік выставы», «Я пакажу табе музей», «Музей у падарунак маме», др.). Мэтазгодна арганізоўваць на базе музея часовыя экспазіцыі/выставы, прымеркаваныя да значных дат (звязаныя з падзеямі, асобамі) ў гісторыі малой радзімы ці краіны.
Сумесная музейная дзейнасць спрыяе рэалізацыі задач сямейнага выхавання праз далучэнне да музея сям’і навучэнца, стварэнне адпаведных музейных праграм і арганізацыю сямейнага вольнага часу ў музеі.
Важная роля музеям ўстаноў адукацыі адводзіцца ў сельскай мясцовасці, дзе музей з’яўляецца не толькі адукацыйным, але і культурным цэнтрам населенага пункта. Варта разглядзець магчымасці правядзення на базе музеяў сустрэч са старажыламі, працаўнікамі краю і актывам рэгіёна, правядзення экскурсій для насельніцтва, мерапрыемстваў па адраджэнні нацыянальных традыцый і абрадаў. Такая дзейнасць будзе садзейнічаць актыўнаму далучэнню навучэнцаў і дарослага насельніцтва ў працэс вывучэння і захавання гістарычнай спадчыны краю.
Неабходна звярнуць увагу на якасць зместу экспазіцый музея і іх адпаведнасць сучасным патрабаванням да афармлення.
Актуальна выкарыстоўваць у рабоце музея сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. Напрыклад, распрацоўваць qr-коды і аўдыё-гіды, у якіх змяшчаецца інфармацыя аб экспазіцыях музея, асобных музейных прадметах, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялах;стварыць электронную базу дадзеных фондаў музея з магчымасцю пабудовы да іх розных запытаў; сфарміраваць электронныя каталогі, якія ўключаюць інфармацыю, звязаную з музейнымі прадметамі, архіўныя дадзеныя, матэрыялы, аб’яднаныя пэўнай тэмай і г.д.
З мэтай папулярызацыі дзейнасці музеяў рэкамендуецца праводзіць прэзентацыйныя мерапрыемствы на рэгіянальных і рэспубліканскім узроўнях, а таксама ствараць лакальныя сайты музеяў ці старонкі на сайтах устаноў адукацыі, асобныя старонкі ў сацыяльных сетках, якія адлюстроўваюць дзейнасць музея, віртуальныя музеі, выдаваць промапрадукцыю (буклеты, флаеры, даведнікі і г.д.).
У мінулым навучальным годзе праведзена сістэмная работа па стварэнні ва ўстановах адукацыі краіны музейных экспазіцый, прысвечаных генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Звяртаем увагу, што музейная экспазіцыя – гэта дэманстрацыя музейных прадметаў і навукова-дапаможных матэрыялаў, якія дапоўнены стэндамі і др. музейным абсталяваннем, адлюстроўваюць тэматычную інфармацыю, выстаўленыя ў пэўнай паслядоўнасці на пастаяннай аснове з мэтай раскрыцця пэўнай тэмы.
Разам з тым, работа ў дадзеным напрамку патрабуе далейшага ўдасканалення, у тым ліку неабходна:
пашырыць музейныя экспазіцыі, якія існуюць ва ўстановах адукацыі і дапоўніць іх прадметамі музейнага значэння, знойдзенымі ў працэсе пошукавай і архіўна-даследчай работы;
прытрымлівацца прынцыпаў навуковасці, сістэмнасці і паслядоўнасці пры пабудове музейнай экспазіцыі;
засяродзіць увагу на раскрыцці ў музейных экспазіцыях тэмы генацыду на тэрыторыі свайго рэгіёна, малой радзімы з апорай на гістарычныя факты і мясцовы краязнаўчы матэрыял;
выкарыстоўваць матэрыялы музейных экспазіцый пры вывучэнні адпаведных тэм вучэбных прадметаў і арганізацыі выхаваўчай работы з навучэнцамі.
Установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якія з’яўляюцца метадычнымі цэнтрамі па арганізацыі работы музеяў устаноў адукацыі, павінны забяспечыць планамерную работу па аказанні метадычнай дапамогі музеям з улікам дзеючага заканадаўства, абагульненні перадавога вопыту, правядзенні рэгіянальных мерапрыемстваў па павышэнні прафесійнага ўзроўню кіроўнікоў музеяў устаноў адукацыі.
Адным з надзённых пытанняў з’яўляецца забеспячэнне якаснай арганізацыі пашпартызацыі музеяў, выкананне алгарытма адкрыцця і закрыцця музеяў, уліку музейных фондаў адпаведна вызначаным нарматыўным прававым дакументам і метадычным рэкамендацыям.
Рэкамендуецца выкарыстоўваць у сваёй рабоце матэрыялы ў дапамогу кіраўніку музея, якія размешчаны на сайце рэспубліканскага цэнтра і платформе «Патрыёт.by». На дадзеных інтэрнэт-рэсурсах можна азнаёміцца з нарматыўнымі, метадычнымі, даведачнымі і іншымі дакументамі, матэрыяламі пасяджэнняў рэспубліканскага метадычнага аб’яднання арганізатараў музейнай справы, распрацоўкамі музейных заняткаў, гульняў і інш.
З мэтай трансляцыі эфектыўнага вопыту ў галіне музейнай педагогікі ў новым навучальным годзе запланавана правядзенне панарамы музейнага вопыту «Музеі ўстаноў адукацыі: эфектыўныя практыкі грамадзянска-патрыятычнага выхавання».
У лістападзе 2023 года адбудзецца традыцыйны рэспубліканскі семінар для кіраўнікоў музеяў устаноў адукацыі «Музейная педагогіка ў дзейнасці: культурна-патрыятычнае выхаванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці навучэнцаў» (г. Наваполацк Віцебскай вобласці).
Улічваючы вышэйзгаданае, з мэтай удасканалення і развіцця работы музеяў установам адукацыі сумесна з зацікаўленымі неабходна забяспечыць:
якасную арганізацыю дзейнасці музеяў/музейных экспазіцый і выкарыстанне іх патэнцыялу, у тым ліку ў шосты школьны дзень, вячэрні час, канікулярны перыяд, выключаючы фармальны падыход;
сістэмную работу па папаўненні экспазіцый музеяў устаноў адукацыі і музейных экспазіцый, унутрымузейнаму ўліку музейных фондаў і іх захаванасці;
арганізацыю комплекса мерапрыемстваў для павышэння прафесійнага майстэрства кіраўнікоў музеяў, а таксама па прэзентацыі дасягненняў у галіне музейнай педагогікі і папулярызацыі дзейнасці музеяў ва ўстановах адукацыі як адукацыйнай прасторы і рэсурса ў патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі;
укараненне ў практыку музейнай дзейнасці інавацыйных і інтэрактыўных форм работы ў музеі ўстановы адукацыі і іх трансляцыя;
выкарыстанне магчымасцяў платформы «Патрыёт.by», у тым ліку размешчаных ў модулях платформы разнастайных матэрыялаў, а таксама пры правядзенні тэматычных мерапрыемстваў для іх асвятлення і арганізацыі шырокага кола матываваных і зацікаўленных ўдзельнікаў;
распрацоўку турысцка-экскурсійных праграм з улікам патрабаванняў узроставых і індывідуальных асаблівасцей навучэнцаў, з уключэннем у праграмы наведванне музеяў устаноў адукацыі;
стварэнне і пастаяннае абнаўленне сайтаў музеяў, раздзелаў «Музей» на інтэрнэт-сайтах устаноў адукацыі, сацыяльных старонках;
умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы музеяў устаноў адукацыі, абнаўленне экспазіцый музеяў устаноў адукацыі ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі;
кантроль за эфектыўнасцю дзейнасці музеяў устаноў адукацыі.
раскрыть » / « свернуть